Месца малітвы – гэта так проста і тым не менш патрабуе ўвагі і клопату. Бог можа і жадае чуць нашую малітву заўсёды і паўсюль. Але пытанне ў нас саміх: дзе мы засяроджваемся, слухаем, адкрываемся найлепшым чынам на Божую ласку?

Важна, дзе мы молімся, дзе шукаем Бога кожны дзень, дзе збіраемся, як вучні Пана кожную нядзелю, дзе спыняемся, захопленыя дарам Яго прысутнасці ў прыгажосці прыроды. Не заўсёды ў нас маецца шырокі выбар, але карысна прыслухацца да сваіх адчуванняў, паразважаць, ці можна штосьці змяніць або часцей бываць там, дзе ўмовы адпавядаюць асабіста вам. У касцёле, сваім пакоі ці на прыродзе, у цішыні ці з гукамі музыкі, на усходзе сонца ці ў лагоднай цемры, асветленай жывым полымем свечкі – спрабуце і даследуйце, як знайсці і з Божай дапамогай падтрымліваць усё, што спрыяе нашай малітве.